ЯПО́НА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1894—95.
Выклікана імкненнем Японіі ўсталявацца ў Карэі і Паўн.-Усх. Кітаі. Падставай вайны паслужыла тое, што Кітай (намінальны сюзерэн Карэі) накіраваў туды ў чэрв. 1894 2,5 тыс. салдат для падаўлення сялянскага паўстання 1893—94. Абвінаваціўшы Кітай у парушэнні ранейшых пагадненняў, Японія ўвяла ў Карэю сваю армію і заняла г. Сеул. У Карэі быў утвораны праяпонскі ўрад, які 27.7.1894 звярнуўся да Японіі за дапамогай. Але ўжо двума днямі раней (25.7.1894) яп. флот (без абвяшчэння вайны) атакаваў у порце Інчхон кіт. ваен.-трансп. судны, у выніку чаго загінула больш за 1 тыс. кіт. салдат. 1.8.1894 Японія афіцыйна абвясціла вайну Кітаю. Ваен.-тэхн. перавага Японіі хутка вызначыла поспехі яе арміі і флоту. У вер. 1894 яп. войскі атрымалі 2 перамогі (каля Пхеньяна і на р. Ялу) і разгарнулі ваен. дзеянні на тэр. Паўн.Усх. Кітая. Да сак. 1895 яп. армія захапіла Ляадунскі п-аў, гарады Вэйхайвэй, Інкоў і наблізілася да сталіцы Маньчжурыі г. Мукдэн. У выніку Кітай вымушаны быў 30.3.1895 падпісаць пагадненне аб перамір’і, а 17.4.1895 — Сіманасекскі дагавор 1895, паводле якога Кітай страціў Ляадунскі п-аў, а-вы Тайвань і Пэнхуледао, адмовіўся ад сюзерэнітэту над Карэяй і выплачваў кантрыбуцыю. Японія ўзмацніла свае пазіцыі ва Усх. Азіі і стала на шлях ваен. экспансіі.
В.У.Адзярыха.
т. 18, кн. 1, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)